**У Расеі разьбіўся бамбавік-ракетаносец Ту-95**

Самалёт пацярпеў катастрофу падчас трэніровачнага палёту. Загінулі шэсьць чальцоў экіпажу, адзін чалавек атрымаў траўмы. Самалёт ляцеў бяз боекамплекту і разьбіўся ў бязьлюднай мясцовасьці, паведаміла Мінабароны Расеі.

Аднак на кадрах, распаўсюджаных тэлеграм-каналамі, бачна, што авіякатастрофа адбылася непадалёк ад паселішча. Успышка выбуху асьвятліла прыватны падворак. А каля ахопленага агнём  самалёта сабралася шмат людзей.

Расея актыўна выкарыстоўвае Ту-95 для ракетных удараў па тэрыторыі Ўкраіны. Самалёты ўзьлятаюць з аэрадромаў у тыле і запускаюць ракеты, не ўваходзячы ў паветраную прастору, якую кантралюе ўкраінская СПА.

_Фота, відэа — _[exilenova_plus](https://t.me/exilenova_plus/31753)_, _[baza](https://t.me/bazabazon/49527)